ЛАНЦУГО́ВАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, што спалучае радкі вершаванага твора, паступова пераходзячы з адной страфы ў другую. Трапляецца ў некаторых цвёрдых формах верша, у прыватнасці ў тэрцынах, віланелі. Характэрна і для твораў з ланцуговай кампазіцыяй, у якіх асобныя радкі папярэдніх строф пачынаюць сабой строфы наступныя:

Ішла Купалка сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Святліла ночкі агнём, агнём
(Бел. народная песня).

Ужываецца ў класічным санеце, дзе яднае 2 катрэны (чатырохрадкоўе) і 2 тэрцэты (трохрадкоўе), у вянках санетаў (пераходзіць з аднаго санета ў другі) і інш.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)